Тастамант
(Верш Францішка Аляхновіча)




Як я памру - прабійце сэрца мне калом,
Асінавым калом прабійце йго наскрозь.
І закапайце мой глыбока ў зямлю труп
Ды камень, як гару, узвалеце мне на гроб,
Каб я ўстаць ня мог...
Ды ўцякайце ўсе хутчэй да сваіх хат,
І крыжам пражагнайце хатні свой парог,
І імя вы маё прад ночай успамінаць
Забаранеце ўсім: і дзецям, і старым,
Каб я ўстаць ня мог...
Бо ў ноч вясеньнюю, як сівер загудзіць,-
Устану я з магілы,
Страхну з сабе магільны пыл
І пойду на сяло -
Ад хаты да хаты,
У вокны вашы буду паглядаць,
Сон адганяць з вачэй,
Дзяцей пужаць.
На вуснах сьмех замрэ, як гляну ў вакно,
Дзіця заплача ў маткі пры грудзёх,
Магільны холад ўсім па скуры прабяжыць...
На вёску ўсю найдзе якаясь дур:
Дзіця ў лес пабяжыць цьвет-папараць шукаць;
Вясковыя дзяўчаты ўсе пачнуць
Праменьні месяца ў косы заплятаць;
А пры дарозе, дзе стаіць за вёскай крыж,
Мужык мацнейшы сук пачне ўжо выбіраць
І дзягу ад парткоў у пятлю вязаць
Ён будзе ў гэту ноч...
А дзед сівы грудзямі ляжа на зямлі,
Рукамі абнімаць пачне ён свой загон,
Благаславіць ды праклінаці будзе ён,
Прыльнуўшы да грудзей маці-зямлі...
Здаволеным, шчасьлівым я сон з вачэй зганю,-
Няхай ня сьпяць, а ў муках хай жывуць,
У страшэннай роспачы рукі свае грызуць,-
Няхай ня спяць!..
Як ўжо мне ня будзе хапаць сіл,
Я з віхрам паляту на лысую гару,
Там склікаю зусюль начных нячыстых сіл,
Бо сябрам буду іх, як ўжо памру...
Ім дам загад: ляцець, гудзець, трубіць,-
Хай усе дрыжаць, моў перад судным днём...
Пракляцце ўсім, хто радасьці спазнаў,
Бо лёс быў наш - мук доўгі, вечны шлях!..
Як я памру - прабійце сэрца мне калом,
Асінавым калом прабійце йго наскрозь.
І закапайце мой глыбока ў зямлю труп
Ды камень, як гару, узвалеце мне на гроб,
Каб я ўстаць ня мог...

Hosted by uCoz